Перайсці да зместу

Textus Receptus

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Першая старонка Новага Запавету з выдання Эразма

Textus Receptus (лац.: «прыняты тэкст») — назвы, якія паслядоўна атрымлівалі друкаваныя тэксты грэчаскага Новага Запавету, якія былі асновай для перакладаў арыгінальнай нямецкай Бібліі Лютэра, перакладу Новага Запавету на англійскую мову Уільяма Тындэйла, Бібліі караля Якава і большасці іншых перакладаў Новага Запавету ў Заходняй і Цэнтральнай Еўропе ў часы Рэфармацыі. Першы названы «прынятым» тэкст грэчаскага Новага Запавету быў надрукаваны ў 1516 годзе ў Базелі галандскім каталіцкім даследчыкам і гуманістам Эразмам Ратэрдамскім. Яго крытыкі спасылаюцца на тое, што гэта выданне грунтавалася ўсяго на шасці рукапісах, якія змяшчалі не ўвесь Новы Запавет. Адсутныя часткі былі перакладзеныя назад на грэчаскую з лацінскай Вульгаты. Нягледзячы на тое, што Эразмава выданне грунтавалася збольшага на рукапісах візантыйскага тыпу, яно значна адрознівалася ад класічнае формы гэтага тэксту і ўключала некаторыя адсутныя часткі, якія былі вернуты падчас адваротнага перакладу з Вульгаты.

Эразм Ратэрдамскі цягам гадоў працаваў у двух накірунках: супастаўленні грэчаскіх тэкстаў і новага лацінскага перакладу Новага Запавету. Ён сабраў усе магчымыя рукапісы Вульгаты дзеля магчымасці стварэння крытычнага выдання. Напачатку ён нават не згадваў грэчаскія тэксты. Тым не менш, у яго выданні яны ўсё-ткі прысутнічаюць з невядомых прычын. Магчыма, такім чынам ён намагаўся пераўзысці Камплютэнскую Паліглоту, хоць гэтая версія нічым не пацвярджаецца. Імаверна, што параўноўваючы абодва тэксты, ён проста намагаўся паказаць пераўзыходства свайго лацінскага перакладу над грэчаскім.

Праца Эразма Ратэрдамскага была выдадзена Фробенам з Базеля ў 1516, стаўшы першым друкаваным грэчаскім Новым Запаветам, «Novum Instrumentum omne, diligenter ab Erasmo Rot. Recognitum et Emendatum». Ён карыстаўся наступнымі рукапісамі: 1, 1rK, 2e, 2ap, 4ap, 7, 817.[1]

Другое выданне мела больш звыклую назву Testamentum замест Instrumentum і ў выніку стала асноўнай крыніцай для перакладу Лютэра. У другім выданні (1519) Эразм дадаткова карыстаўся Мінускулам 3. У 1522 годзе выйшла трэцяе выданне грэчаскай Бібліі Эразма, у якую быў уключаны Comma Johanneum, хоць сам Эразм Ратэрдамскі «быў перакананы, што ён не ўваходзіць у арыгінал Першага ліста Яна»[2].

Ашаламляльны поспех грэчаскага Новага Запавету ў рэдакцыі Эразма Ратэрдамскага цалкам засланіў лацінскі тэкст, на якім ён факусаваўся. Мноства іншых выдаўцоў цягам наступным стагоддзяў бралі ў якасці асновы для сваіх Новых Запаветаў менавіта гэту версію, большасць з іх нават не праводзілі ўласную крытычную працу.

  1. W. W. Combs, Erasmus and the textus receptus, DBSJ 1 (Spring 1996), 45.
  2. H. J. de Jonge, Erasmus and the Comma Johanneum, Ephemerides Theologicae Lovanienses (1980), p. 385
  • T. Robertson, An Introduction to the Textual Criticism of the New Testament, Nashville: Broadman, 1925.
  • K. Aland B. Aland, Der Text des Neuen Testaments, Duetsche Bibelgesellschaft, Stuttgart 1989.
  • Bruce M. Metzger, The Text of the New Testament: Its Transmission, Corruption, and Restoration, Oxford University Press, New York, Oxford 1980.